You are hereГруппы / Белинтер.нет / Ці паспее Беларусь выйсці на узровень ІКТ да 2015 года?

Ці паспее Беларусь выйсці на узровень ІКТ да 2015 года?


By metelica - Posted on 11 апреля 2011

Картинка: 
информационные технологии

Уваходжанне Беларусі ў трыццатку вядучых краін свету па ўзроўні развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій – асноўная задача Нацпраграмы паскоранага развіцця паслуг у галіне ІКТ на 2011-2015 гады. Ці рэальна вырашыць яе, высвятляе "Заўтра тваёй краіны".

Цяпер беларускі азначнік развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій складае 5,75, а ў выніку рэалізацыі Нацпраграмы году да 2015 году ён павінен падняцца да 7,48 пунктаў. Дзеля гэтага давядзецца выдаткаваць больш за 3 трлн рублёў.

Прыняты Саўмінам дакумент цікавы тым, што ў ім упершыню на гэткім высокім узроўні згаданыя самыя прагрэсіўныя тэхналогіі -- будаўніцтва сетак наступнага пакалення для аказання комплексу мультымедыйных паслуг, сетак перадачы дадзеных з пераходам на тэхналогію Ethernet, укараненне сотавай сувязі 4G, а таксама паслуг бесправадной перадачы дадзеных з выкарыстаннем тэхналогій шырокапалоснага доступу WiMAX, WCDMA, LTE.

Асаблівай увагі тут заслугоўвае тэхналогія сотавай сувязі чацвёртага пакалення LTE. У свеце дзеючыя LTE-сеткі пакуль вылічваюцца адзінкамі – індустрыя сувязі яшчэ толькі рыхтуецца да ўкаранення дадзенай тэхналогіі. І Беларусь тут можа апынуцца ў ліку лідэраў. Як заявіў 4 красавіка першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Іван Рак, пачатак масавага ўкаранення LTE чакаецца ў 2012 годзе.

Зараз у Беларусі праводзіцца тэставая эксплуатацыя LTE-перадатчыкаў, мэта якой – ацаніць электрамагнітную сумяшчальнасць з існымі сеткамі бесправадной сувязі і радыёэлектроннымі сродкамі (РЭС) адмысловага прызначэння, вызначыць асноўныя тэхнічныя характарыстыкі, патрабаванні да сеткі і аспекты яе наступнага ўкаранення.

Да 1 верасня 2011-га Мінсувязі правядзе конкурс на права выкарыстання радыёчастотаў для паслуг па тэхналогіі LTE. Па выніках конкурсу Дзяржаўная камісія па радыёчастотах (ГКРЧ) вызначыць пераможцу, які зможа прыступіць да будаўніцтва 4G-сеткі на ўсёй тэрыторыі краіны.

Пытанне грошай

Прынцыповае адрозненне праграмы паскоранага развіцця ІКТ-паслуг ад "Электроннай Беларусі", якая фінансавалася толькі з дзяржбюджэту, -- прыцягненне самых розных крыніц фінансавання. Памер бюджэтнага фінансавання -- каля 713 млрд рублёў.

На адну з дзевяці падпраграм -- "Развіццё экспартна-арыентаванай ІТ-індустрыі" -- бюджэтныя сродкі не выдзяляюцца ўвогуле. Яе фінансаванне будзе ажыццяўляцца за кошт уласных сродкаў выканаўцаў, сродкаў фундатараў ды іншых крыніц. Заказчыкам падпраграмы з’яўляецца не Мінсувязі, а ДУ "Адміністрацыя парка высокіх тэхналогій".

Цалкам лагічна – за апошнія гады ў ПВТ навучыліся і фундатараў завабліваць, і аўтсорсінг развіваць, і валюту зарабляць. Гэта значыць рабіць усё тое, пра што службоўцы Мінсувязі пакуль толькі гавораць. ПВТ павінен павялічыць беларускі экспарт ІТ-паслуг з цяперашніх 132 млн долараў да 430 млн долараў у 2015 годзе.

Пакуль не вызначаныя аб'ёмы фінансавання большасці з мерапрыемстваў. Але з прыведзеных лічбаў відаць, што ільвіная частка сродкаў будзе накіраваная на будаўніцтва інфраструктуры – правадных і бесправадных сетак перадачы дадзеных (падпраграма "Нацыянальная інфармацыйна-камунікацыйная інфраструктура").

І займацца гэтым будаўніцтвам будзе РУП "Белтэлекам". У складзе гэтага кангламерату з больш як 60-ці арганізацый ёсць усё неабходнае для будаўніцтва як правадных, так і бесправадных сетак. Аднак і шэраг камерцыйных аператараў сувязі ўжо досыць заможныя – тэхналагічна і фінансава – для самастойнага будаўніцтва сетак перадачы дадзеных.

Але ж не: ізноў усё фінансаванне атрымлівае "Белтэлекам". Леташнія ўказы № 60 і № 515 сур'ёзна падарвалі манаполію гэтага гіганта – але дзякуючы Нацпраграме паскоранага развіцця ІКТ-паслуг ён яшчэ можа адваяваць сваю долю ўплыву.

І тут імпартазамяшчэнне

Асобная ўвага ў новай Нацпраграме паскоранага развіцця ІКТ-паслуг нададзеная паніжэнню імпартаёмістасці ды развіццю імпартазамяшчэння. Пытанне досыць балючае, бо сучасных кампутарных вытворчасцяў у Беларусі практычна няма – нават LCD-маніторы той жа "Інтэграл" "вырабляе", наляпляючы свае этыкеткі на тайваньскую прадукцыю (што ўжо выклікала грандыёзны скандал).

Але зараз сітуацыя з ІКТ-імпартазамяшчэннем усё ж можа скрануцца з мёртвай кропкі. 21 сакавіка Саўмін зацвердзіў план прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў на 2011-2013 гады. У даволі шырокі пералік увайшлі пяць прадпрыемстваў тэлекамунікацыйнага сектара – усе яны падведамасныя Міністэрству сувязі і інфарматызацыі.

Да канца 2011 года падлягаюць раздзяржаўленню долі ў ААТ "Белремстройсвязь", ААТ "Белсвязьстрой" і ААТ "Минсктелекомстрой". У 2012 – пакеты акцый ААТ "Гипросвязь" і ААТ "Промсвязь". Мяркуецца, што іх прыватызацыя дазволіць прыцягнуць сродкі, якія і будуць накіраваныя на тэхнічнае пераўзбраенне вытворчасцяў. Так што, магчыма, да 2015 году сітуацыя і напраўдзе пачне змяняцца…

Ацэнка "Заўтра тваёй краіны"

Ці паскорыць амбіцыйная Нацпраграмма развіццё ІКТ у краіне, ацэньвае IT-аналітык Антон ПЛАТАЎ:

-- Прапановы ў праграме закладзеныя цалкам слушныя. Пытанне ў тым, як яна будзе выконвацца. "Электронная Беларусь" таксама абяцала шмат, а што атрымалася? Хацелі стварыць "электронны урад" - і дзе ён? Прынялі закон аб электронным подпісу ды электронным дакуменце -- і хіба ў чыноўнікаў цяпер менш папер на сталах?

Самае лепшае, што я тут пабачыў, -- планы па развіцці інфраструктуры перадачы дадзеных. Гэта тое, чаго не хапае нашай краіне і што дапаможа хутчэй развівацца, сталець камерцыйным аператарам сувязі. Таксама надзвычай важнае развіццё мабільнай сувязі ў стандарце LTE. Бо гэта тэхналогія заўтрашняга дня.

А вось што датычыць імпартазамяшчэння, то тут урад проста надзімае мыльныя бурбалкі. Апроч ЗША (Motorola), Японіі (Panasonic), Францыі (Alcatel) ды Швецыі (Ericsson), ніводная краіна ў свеце не здолела наладзіць уласную вытворчасць сучаснага тэлекамунікацыйнага абсталявання. Нават кітайскія ZTE ды Huawei працуюць на заходніх вытворчых лініях ды тэхналогіях. Таму планы па вытворчасці ўласных кампутараў, а тым больш абсталявання для аператараў сувязі -- гэта толькі мара.
На Захадзе сучасная IT-прамысловасць стваралася дзесяцігоддзямі. Найвялікшае, што мы можам рэальна мець у 2015 годзе -- адвёрткавую вытворчасць кампутараў ды яшчэ чаго-небудзь не надта складанага. Але каб і гэтыя вытворчасці ў нас з'явіліся, трэба, каб заробкі ў Беларусі былі ніжэйшыя за кітайскія, а працоўны дзень доўжыўся больш за тыя ж кітайскія 12 гадзін.

© tut.by

Отправить комментарий

  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
  • Доступны HTML теги: <ul> <ol> <li> <dl> <dt> <dd> <b> <i> <p> <center> <br>

CAPTCHA
Вы, случаем, не робот?

Уведомления группы

Предложения групп RSS лента. Или подписаться на эти персонализированные, общесайтовые каналы:

Сейчас на сайте

Сейчас на сайте 0 пользователей и 192 гостя.

Последние комментарии